ТАВАРЫ́СТВА СТАРЫ́Х БАЛЬШАВІКО́Ў.

Існавала ў 1922—35 пры Гістпарце, потым Ін-це Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦК ВКП(б). Старшыні М.​С.​Альмінскі (да 1931), Е.​М.​Яраслаўскі. Гал. мэта — дапамога ВКП(б) у выхаванні моладзі на рэв. і парт. традыцыях. Т-ва арганізоўвала вечары ўспамінаў і сустрэч старых бальшавікоў з моладдзю, збірала матэрыялы і ўспаміны па гісторыі партыі і рэв. руху, якія друкавала ў «Бюллетене Общества старых большевиков» (1931—33) і гіст.-рэв. зб. «Стары бальшавік» (1930—34). З 1931 існавала Бел. аддзяленне Усесаюзнага т-ва (старшыня прэзідыума А.​Я.​Балцін, чл. М.​П.​Гнілякевіч, Л.​М.​Спалінскі, Кеніг, Дамброўскі і інш.). З 1933 філіялы Бел. аддзялення дзейнічалі ў Віцебску, Гомелі, Магілёве. Члены Бел. аддзялення выступалі з дакладамі і ўспамінамі па гісторыі рэвалюцыі 1905—07, Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, пытаннях нац. палітыкі, збіралі матэрыялы і дакументы, запісвалі ўспаміны пра грамадз. вайну і ваен. інтэрвенцыю. Т-ва каардынавала сваю працу з Таварыствам былых паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў, Ін-там гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. Паводле пастановы ЦК ВКП(б) у жн. 1935 Т.с.б. скасавана. Бел. аддзяленне самаліквідавалася ў маі 1935.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)